Жыхары Барысава, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва храма ў лесапарку, запісалі ВІДЭАЗВАРОТ.
Жыхары мікрараёна Ватуціна ў Барысаве працягваюць змагацца за сваю зялёную зону, выступаючы супраць пабудовы храмавага комплексу. Акрамя таго, яны лічаць, што «любая будоўля на месцы ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны незаконная». У пятніцу, 1 чэрвеня, пратэстуючыя зноў сабраліся ў скверы, на гэты раз каб запісаць свой зварот да мясцовых улад і СМІ.
У сваім пасланні жыхары мікрараёна заклікаюць улады горада цалкам адмяніць будаўніцтва храмавага комплексу і ўладкаваць тут зону для адпачынку грамадзян. Барысаўчане выказваюць надзею, што іх словы будуць пачутыя. Яны таксама выказваюць сваю гатоўнасць ў дапамозе па ўладкаванні парку і падтрыманні парадку на яго тэрыторыі.
- Паркаў ў горадзе катастрафічна бракуе, людзям няма дзе адпачыць. Лічым, што дадзеная забудова адбываецца незаконна. Не было ніякіх грамадскіх абмеркаванняў, хаця ўжо прайшла працэдура адчужэння тэрыторыі ў карысць Барысаўскай эпархіі, былі выдадзены ўжо праекты, аб'ект не праходзіў абавязковую экалагічную экспертызу, — гаворыцца ў відэазвароце барысаўчан. — Мы выступаем не супраць царквы як такой, мы выступаем наогул супраць любой забудовы дадзенай тэрыторыі, не прызначанай для адпачынку грамадзян. Нам патрэбна зона адпачынку. Мы хочам тут сквер з пляцоўкай, веладарожкай — з усёй інфраструктурай, звязанай непасрэдна з доступам і адпачынкам грамадзян. Мы гатовыя пры садзейнічанні ўладаў выйсці на суботнік і дапамагчы ў добраўпарадкаванні дадзенай тэрыторыі. Мы вельмі спадзяемся, што мясцовая ўлада нас пачуе і выйдзе, нарэшце, з намі на дыялог, і зразумее чаго мы, у першую чаргу жыхары гэтага мікрараёна, хочам.