9 сакавіка адбудзецца яшчэ адна дэвальвацыя Br на 20%?
Эканаміст Яраслаў Раманчук у інтэрв’ю каналу “Белсат” заявіў, што мае інфармацыю пра планы кіраўніцтва краіны неўзабаве правесці значную дэвальвацыю беларускага рубля.
“Ужо з 9 сакавіка дэвальвацыя будзе яшчэ на 20%. Таму людзі, якія спадзяюцца зарабіць на сваіх укладах, яны таксама атрымаюць яшчэ мінус $600 млн. у плечы. Таксама скароцяцца заробкі”, - кажа Раманчук.
Эканаміст лічыць, што мы наглядаем толькі пачатак крызісу: “Мы яшчэ нават не ўспаўзлі да яго паловы. Тое, што будзе ў Беларусі напрыканцы года, будзе нагадваць сітуацыю дзесьці 1997-1998 гадах. А я думаю, што, калі ўрад будзе далей так непрафесійна, так некампетэнтна працаваць, то дэфолту ў жніўні альбо верасні не пазбегчы”.
6-7 сакавіка долар паводле курса Нацбанку каштуе 2870 рублёў. Сёлета нашая валюта абясцэнілася адносна амерыканскай ужо на 30,45% (1 студзеня долар каштаваў 2200 рублёў). Нагадаем, 2 студзеня была праведзеная нечаканая маштабная дэвальвацыя – долар стаў каштаваць 2650 рублёў. З тае пары курс змяніўся на 220 рублёў, альбо аж на 8,3%.
Калі інфармацыя Раманчука не спраўдзіцца і працягнецца паўзучая дэвальвацыя, то псіхалагічная адзнака ў 3000 рублёў за долар будзе дасягнутая прыкладна ў сярэдзіне красавіка. Калі ж Нацбанк і ўрад правядуць на наступным тыдні яшчэ адну рэзкую, на 20%, дэвальвацыю, то долар стане каштаваць амаль 3500 рублёў.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка нядаўна казаў, што другім разам значнай дэвальвацыі праводзіцца не будзе. Між тым, шмат якія эканамісты лічаць, што гэтага не пазбегнуць.
Правда или слухи?


