«Дырэктара пасадзім, а дольшчыкі заплацяць штраф»
15.10 - 14:08
Як паведамляла «Наша Ніва» раней, улады ў аднабаковым рэжыме спынілі льготнае крэдытаванне дамоў, якія здаюцца ў эксплуатацыю ў 2012 годзе і пазней. Аднак, як выявілася, не могуць атрымаць грошы на будаўніцтва нават тыя дольшчыкі, дамы якіх здаюцца сёлета.
Насуперак існуючым дакументам, Мінгарвыканкам раптам вырашыў, што яны не паспеюць скончыць будоўлю, а таму не дае ні рубля.
Пра гэта «Нашай Ніве» расказалі дольшчыкі, якія будуюць кватэры на Лагойскім тракце ў Мінску.
Заказчыкам выступае дзяржаўная арганізацыя — «УКС адміністрацыі Савецкага раёна Мінска». Іх дом знаходзіцца ў афіцыйна зацверджаным спісе дамоў, якія здаюцца ў эксплуатацыю да 31 снежня 2011 года. Занепакоеныя тым, што «Беларусбанк» не пералічыў чарговы плацёж, яны адправіліся на прыём да першага намесніка старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Мікалая Бутрыма, які растлумачыў дольшчыкам пазіцыю дзяржавы.
1
Першы намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Мікалай Бутрым
Па словах Бутрыма, грошы могуць быць выдзеленыя толькі ў тым выпадку, калі генеральны дырэктар кампаніі-забудоўшчыка напіша гарантыйны ліст, у якім паабяцае здаць дом да канца года. Калі ж, атрымаўшы грошы, будаўнікі не паспеюць да 31 снежня, Мінгарвыканкам ініцыюе крымінальную справу.
Гендырэктара забудоўшчыка будуць абвінавачваць ў «выманьванні крэдыту ці дадацый». Згодна з ч.2 арт. 237 Крымінальнага кодэксу «прадаўстаўленне... службовай асобай юрыдычнай асобы... загадзя лжывых дакументаў і звестак аб абставінах, якія маюць істотнае значэнне для атрымання крэдыту ... , здзейсненае з мэтай атрымання дзяржаўнага мэтавага крэдыту ... караюцца абмежаваннем свабоды на тэрмін ад двух да пяці гадоў ці пазбаўленнем свабоды на той самы тэрмін».
Але пакараць Мінгарвыканкам гатовы і дольшчыкаў! У іх дамовах з «Беларусбанкам» ёсць пункт наконт «неправамернага атрымання ці немэтавага выкарыстання крэдыту». Згодна з ім, банк мае права патрабаваць датэрміновае вяртанне крэдыту з выплатай працэнтаў у памеры падвоенай стаўкі рэфінансавання (зараз — 70%). Паводле словаў Бутрыма, такая магчымасць будзе выкарыстана.
Зараз дольшчыкі з дома на Лагойскім тракце вырашаюць, якую тактыку дзеянняў ім абіраць далей.
З такімі самымі праблемамі сутыкнуліся мінчукі з дзясятку іншых дамоў, якія павінны быць здадзеныя з эксплуатацыю да канца 2011 года. Без банкаўскіх сродкаў будоўля спынецца, і тады дом у любым выпадку не паспее дабудавацца.
Улады робяць усё магчымае, каб выплаціць па цяперашніх умовах ільготнага крэдытавання як мага меней грошай. А ў наступным годзе правілы гульні стануць іншымі. Па непацверджанай інфармацыі, якая абмяркоўваецца на інтэрнэт-форумах са спасылкай на супрацоўнікаў Мінгарвыканкама, «льготнае крэдытаванне-2012» будзе выглядаць наступным чынам:
шматдзетныя сем’і, інваліды і вайскоўцы атрымаюць права будавацца пад 20% ад стаўкі рэфінансавання (зараз — 7%). Астатнія, у тым ліку маладыя сем’і змогуць будавацца пад 31% ці нават па большай стаўцы.
Ягор Марціновіч
http://nn.by/?c=ar&i=61805