Пакіну тут свой досвед, можа каму будзе цікава ці карысна.
Мае параметры: 196 см, 105 кг.
Яшчэ калі быў студэнтам і важыў каля 90 кг, набыў самыя танныя лыжы 200 см без насечкі, таксама самыя простыя лыжныя чаравікі (такія даюць у пракаце) ну і палкі пад свой рост. Кожны год я спрабаваў навучыцца ездзіць каньком. Кожны год гэта былі маральныя і фізічныя пакуты. Лыжы не ехалі, пры спробе каціцца на адной назе лыжа як быццам бы віхляла і прытарможвала рыўкамі, балелі ступні і галёнка. Пасля 1 км такіх пакут хацелася выплюнуць лёгкія і памерці (хаця з бегам ніякіх праблем не было на дыстанцыях да 18 км). Кожны раз прыходзілася сябе прымушаць, каб выйсці на лыжню, бо арганізм правіцівіўся ўсяму таму, што трэба будзе перажыць. Так прайшло 8 год. Былі зімы (напрыклад, мінулая), калі ўвогуле на лыжы не станавіўся, бо ведаў, што нічым добрым гэта не скончыцца. Былі зімы, калі выходзіў разоў 5, асаблівага прагрэсу не было, пляваў на гэта ўсё і ізноў хаваў лыжы.
Гэтай зімой з першымі навінамі пра трасу ў Вяснянцы я пачаў шукаць новыя лыжы пад свае наедзеныя каля кампутара 105 кг. Купляць лыжы за 400+ даляраў не хацелася, бо мінулы досвед нікуды не падзеўся. Былі падазрэнні, што справа не ў лыжах, а ў лыжніку. Таксама хацелася памяняць лыжныя чаравікі на каньковыя па нармалёвым кошце. На хвалі розных відэа на ютубе і водгукаў на лыжных форумах, я пачаў цікавіцца лыжамі Tisa Race Cap для каньковага ходу. Праблема была ў тым, што ў Мінску не было 197 растоўкі. Сказалі, што могуць прывезці пад замову, таму я замовіў і стаў чакаць тыдзень.
За гэты тыдзень набыў чаравікі Solomon Active Skate (старая мадэль, але гэта адзінае, што налезла) за ~160 р і мацаванні Solomon Pilot SNS. Тыдзень чакання Tisы амаль скончыўся, як выпадкова на барахолцы Onliner я ўбачыў, што прадаюцца Fischer RCS ScateCut Plus stiff 197 cm за 200 р. Мне пашчасціла, што іх не прадалі і ў той жа вечар я іх набыў.
І ведаеце... пачалося новае жыццё. Я не мог чакаць і адразу пайшоў спрабаваць новыя лыжы, з новай для мяне сістэмай мацаванняў і новыя чаравікі. Снег у Вяснянцы быў вельмі жорсткі, лыжы кацілі як ніколі раней, уся напрацаваная на старых лыжах "тэхніка" раптам некуды знікла. Было такое адчуванне, што я стаю на лыжах упершыню. Калі я вырашыў пракаціцца па маленькім крузе і прыслухацца да адчуванняў, з'явілася адразу некалькі праблем: лыжы не слухаліся на жорсткай трасе, дзіка балелі ступні ў новых чаравіках, дзіка балела зпераду ад калена да ступні. Але вырашыў ператрываць. Дакаціўся да апошняга спуску і паехаў уніз. Новыя лыжы нясліся па цвёрдым снезе так, што я ледзь не запанікаваў ад хуткасці і ледзь упісаўся ў паварот. На гэтым маё знаёмства з лыжамі скончылася. Вырашыў прыйсці ў іншы дзень.
Канешне ж, я пайшоў на лыжню адразу раніцай. Гэтым разам снег быў не такі жорсткі і катацца ўжо было лягчэй. Я паспрабаваў каціцца на адной назе і я быў проста шакаваны. Гэта было невядомае раней пачуццё. Калі лыжа не скача ў розныя бакі, не прытарможвае раптоўна і не праслізвае. Паспрабаваў штурхацца толькі нагамі і гэта таксама аказалася нашмат лягчэй, бо цяпер я мог выйсці на адну нагу, паднесці другую, зрабіць нармалёвы штуршок і выйсці на другую нагу каб ізноў нармалёва пакаціцца. Раней пра такое цяжка было марыць, прыходзілася перавальвацца з лыжы на лыжу, бо лыжы проста не ехалі. Так у другі дзень я проста кайфаваў ад таго, як упэўнена можна каціцца на адной лыжы.
Адчуваючы адказнасць перад мінулым гаспадаром, які збярог паверхню лыж у вельмі добрым стане, я аддаў лыжы каб нанеслі базавы парафін і тэмпературны на, прыблізна, -5 - 0 градусаў. Я думаў, што ўсе ступені радасці ад новых лыж я ўжо адчуў, але сёння я атрымаў яшчэ большае задавальненне. Лыжы паехалі яшчэ лепей, вяснянскія пад'ёмчыкі перасталі быць праблемай, бо ў большасць з іх цяпер можна заехаць амаль да канца па інэрцыі. Я стаў адчуваць, калі еду хуткім для сябе рытме, а калі адпачываю і еду проста для задавальнення (раней заўсёды пыхцеў/пацеў/упіраўся). Ногі паступова прызвычаліся да новых чаравік, нічога не баліць, кілаграмы папаўзлі ўніз (105->102), у галаве толькі добрыя эмоцыі і чаканне, калі ў наступны раз атрымаецца выйсці з лыжамі на трасу.
Прабачце за шмат літар, усім прыемных эмоцый ад лыж і да сустрэчы на снезе.