08.10.2003 13:22
ДЗЯРЖАВА ХОЧА МЕЦЬ КАНТРОЛЬНЫ ПАКЕТ АКЦЫЯЎ УСІХ АПЭРАТАРАЎ МАБІЛЬНАЙ СУВЯЗІ
Прэзыдыюм Савету Міністраў Беларусі даручыў тром міністэрствам — сувязі, эканомікі ды юстыцыі — да 1 студзеня 2004 году аднавіць долю дзяржавы ў супольным прадпрыемстве “БелСел”, першым апэратарам сотавай сувязі ў Беларусі. Тое самае плянуецца зрабіць і з кампаніяй “Velcom”, паслугамі якой карыстаецца бальшыня абанэнтаў мабільных тэлефонаў.Юры Сьвірко, Менск
Яшчэ летам расейская кампанія МТС (Мабільныя тэлесыстэмы) плянавала выкупіць у беларускай дзяржавы хаця б яшчэ 1% акцыяў супольнага прадпрыемства “МТС”, каб мець кантрольны пакет. Аднак замест гэтага дзяржава вырашыла кантраляваць усіх трох апэратараў мабільнай сувязі.
На апошнім паседжаньні прэзыдыюму Савету Міністраў было заяўлена, што ў выніку неабгрунтаваных рашэньняў службовых асобаў Міністэрства сувязі значна скарацілася доля дзяржавы ў статутным фондзе супольнага прадпрыемства “БелСел”. Гэтая кампанія першай пачала аказваць паслугі сотавай сувязі ў Беларусі яшчэ 10 гадоў таму. А сёлета “БелСел” усталяваў сваю другую, лічбавую сетку лепшай якасьці ды перайшоў на новую гандлёвую марку “Diallog”. З падыходам прэзыдыюму Саўміну ў Міністэрстве сувязі нязгодныя.
На прэсавай канфэрэнцыі ў сераду начальнік Менскай гарадзкой тэлефоннай сеткі Іван Жабко патлумачыў, што доля ягонага прадпрыемства разам зь “Менскаблтэлекамам” ў кампаніі “БелСел” складае 33%, хаця яшчэ год таму сталічныя тэлефаністы валодалі паловай пакету акцыяў. Зьмяншэньне дзяржаўнай долі было выклікана аб’ектыўнымі прычынамі:
(Жабко: ) “Каб прыцягнуць інвэстара ў свой час са згоды міністэрства частка гэтай долі была перададзеная “Інфабанку”. Наўзамен атрымалі абсталяваньне cdma, якое неўзабаве пакрые ўсю рэспубліку. Недзе каля 10 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў было прыцягнута. 2 мільёны дзяржава атрымала ў выглядзе падаткаў за ўвоз абсталяваньня. То бок я лічу, што гэта правільна”.
Аднак урад даручыў перагледзець умовы ліцэнзіі супольнага прадпрыемства “БелСел”, дзе палова акцыяў належыць нідэрляндзкай кампаніі “Сomstrut International”. У самім “БелСеле” ад афіцыйных камэнтароў пакуль адмаўляюцца, але зазначаюць, што падобныя рашэньні могуць кепска паўплываць на разьвіцьцё як гэтай фірмы, так і мабільнай сувязі ўвогуле, таму што інвэстары не захочуць больш мець справаў зь дзяржаўным умяшальніцтвам.
Міністэрства сувязі пакуль ня ведае, якім чынам выканаць даручэньне кіраўніцтва ўраду — да канца году аднавіць дзяржаўную долю ў “БелСеле”. Але такое самае даручэньне дадзенае наконт супольнага прадрыемства “Мабільная лічбавая сувязь”, больш вядомага пад гандлёвай маркай “Velcom”. Там дзяржаўнаму “Белтэлекаму” належыць 31% акцыяў, а яшчэ 20% — акцыянэрнаму таварыству “Белтэхэкспарт”, якое гандлюе зброяй. Замежны інвэстар “SB Telecom Ltd” мае толькі 49%, але ўрад гэта ўжо не задавальняе.
Радыё "Свабода"
вось такая гісторыя
яшчэ тут пра гэта:
http://bdg.by/news/news.htm?52506
І не хацелася б каб гэту тэму зачынілі. Таму асьцярожней з выказваньнямі. Усё ж onliner па-за палітыкай нібыта