Я меркаваў, спадарства ў он-ляйн краме oz.by робіць прыстойны бізнэс. І я жорстка памыліўся.
Наагул, мне здаецца, на тэрыторыі дзяржавы, пераважная большасьць жыхароў каторай шчыра называе сваю Радзіму акронімам эръ-бэ, паняцьце "прыстойны бізнэс" - сапраўдны аксыморан (oxymoron). Прыстойнага бізнэсу ў гэтым балотным краі нямашака ўжо гадоў 100, і пагэтаму самое словазлучэньне разумеюць адсоткаў 5 гэных жыхароў ці нават яшчэ меней.
Дзякуй Богу, гэта не пытаньне вялікіх грошай. Зрэшты, я думаю, за чатыры-пяць працоўных дзён я зарабляю больш, чым дырэктар oz.by за цэлы месяц. Але ж гэта справа прынцыпу. Дарэчы, "прынцып" - таксама цікавае слова, якое прадстаўнікі бізнэсу ў таямнічай краіне эръ-бэ разумець зь вялікай цяжкасьцю. Падманулі мяне на некалькі сотняў ці тысячаў беларускіх зайцаў, але менавіта з прынцыпу, я данясу гэтую інфармацыю да кожнага карыстальніка інтэрнэт на ўсяе тэрыторыі краю ад Берасьця і Вільні да Віцебску і Смаленску.
Некалькі дзён таму я заўважыў, што на іхным сайце пачалі прадаваць Хобіта па-беларуску. Я зрабіў анонс у разьдзеле навінаў на сайце pravapis.org. Праз гэтую спасылку на кнігарню зайшлі дзясяткі (ці можа сотні) людзей. Дакладна ня ведаю, магу толькі заўважыць, што на сяньняшні дзень на сайт штодня заходзяць у сярэднім 80 унікальных наведнікаў. І два чалавекі напісалі мне, што купілі кнігу, клікнуўшы па маёй спасылцы.
Адзін зь іх - мой добры сябра, якому я магу давераць на 100 адсоткаў. Другая - мая сястра. Сябра атрымаў кнігу празь некалькі дзён. Маёй сястрэ нават не затэлефанавалі, ужо мінуў больш, як тыдзень з таго моманту, як яна клікнула па спасылцы "купіць".
На маім рахунку не зьявілася аніякай інфармацыі пра продаж Хобіта праз маю спасылку.
Вось і ўсё. На гэтым можна і спыніцца. Але потым расплюшчваюцца вочы, і пачынаеш заўважаць ці ўспамінаць іншыя рэчы:
- Як тэхнічны дырэктар крамы, нечырванеючы, адказвае, што пад UNIX'ам падтрымка беларускай мовы фізычна немагчымая, і пагэтаму ўсе (нешматлікія) беларускія кнігі апісаныя на oz.by з лацінскім "i" замест беларускага "і", і "у" замест "ў" нескладовага! Ўважаемыі техніческіі діректор oz.bў, почемў вы так нагло обманываете своіх дрўзей і партнеров по бізнесў?
- Як быў зачынены форум "Беларуская мова" - url deleted - абсалютна беспадстаўна
- Як быў зьнішчаны форум "Іўрыт - гэта кульна" (гэта антысэмітызм oz.by?) - не захавааўся нават УРЛ, яго проста пацокалі ў першы ж дзень.
Ну і апошняе:
- Чалавек расказвае, як oz.by крадзе час з інэрнэт-картак (хаця ўрэшце гэны хлопец быў задаволены - яму вярнулі грошы, правялі расьсьледваньне справы) - галінка, якая была тут на онляйнэр, але кудысьці зьнікла.
Ух, напісаў урэшце. А зараз дастаў зь лядоўні студзенае піва Holsten і сам сабе прамовіў тост: "За прыстойны бізнэс! І за прынцыпы!"