• Korso17 MemberАвтор темы
    офлайн
    Korso17 Member Автор темы

    116

    13 лет на сайте
    пользователь #257504

    Профиль
    Написать сообщение

    116
    # 31 марта 2017 12:26

    Выдамо беларускі “Ціхі Дон” разам

    Прэс-рэліз да пачатку краўдфандынгавай кампаніі па збору сродкаў на выданне ўспамінаў беларускага андэрсаўца Паўла Нічыпарука “Адысея палешука”

    Безумоўна, кожны з нас чытаў раман-эпапею Міхаіла Аляксандравіча Шолахава “Ціхі Дон”. Трагедыя Рыгора Мелехава не пакінула абыякавым ніводнага чалавека. Аднак такіх твораў можна было б напісаць тысячы, калі б кожны, хто перажыў выпрабаванні ХХ стагоддзя, пазней апісаў іх у якасці мемуараў. Беларус Павал Каленікавіч Нічыпарук такія ўспаміны пакінуў, і яго жыццё — лепшая ілюстрацыя таго, праз якія цяжкія выпрабаванні давялося прайсці жыхарам Беларусі падчас Другой сусветнай вайны.
    Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ў 1989 г. з рукапісам успамінаў гэтага чалавека азнаёміўся знакаміты беларускі пісьменнік, удзельнік Другой сусветнай вайны Васіль Быкаў. “Я прачытаў Вашыя мемуары. Несумненна, яны заслугоўваюць увагі. Трэба іх выдаць. Дзеля гэтага Вам трэба звярнуцца ў выдавецтва ў Мінску ці ў Маскве (напрыклад, у выдавецтва “Беларусь”), якое выдае падобнага кшталту літаратуру, і прадставіць туды два экзэмпляры рукапісу. Справа гэтая працяглая, таму трэба пачынаць не губляючы часу. Жадаю Вам поспехаў!”, — пісаў Васіль Уладзіміравіч сваяку Нічыпарука. Аднак тады мемуары беларуса так і не ўбачылі свет. Доўгія дзесяцігоддзі яны ляжалі і чакалі свайго даследчыка.
    Павал Каленікавіч Нічыпарук нарадзіўся ў жніўні 1902 г. на хутары Жардзечна каля вёскі Запруды (зараз Кобрынскі раён Берасцейскай вобласці). У лютым 1941 г. яго арыштавалі і накіравалі ў лагер ГУЛАГу ў Свярдлоўскай вобласці. У 1942 г. беларус аказаўся ў Арміі Андэрса і ў яе складзе ўдзельнічаў у баях з нацыстамі ў Італіі. У 1948 г. Нічыпарук паехаў у ЗША, дзе і пражыў да самай смерці ў 1979 г. У нататках Паўла Каленікавіча, надрукаваных на машынцы на маленькіх, “амерыканскіх” аркушах паперы, ёсць усё: цяжкая сялянская праца, нечалавечыя ўмовы савецкіх турмаў і ГУЛАГу, фронт і баі з нацыстамі, расстанне з сям’ёй і жыццё ў эміграцыі. А яшчэ — вялікая настальгія па роднай Беларусі. Лёс Нічыпарука тыповы для шматлікіх беларускіх андэрсаўцаў. Нехта пасля вайны вяртаўся ў БССР, і ў 1951 г. савецкія ўлады дэпартавалі гэтых людзей у Іркуцкую вобласць. Іншыя вырашалі застацца “на Захадзе”. Пра гераізм беларускіх жаўнераў Другога польскага корпуса, якія мужна змагаліся супраць гітлераўскіх войскаў на Заходнім фронце, на іх Радзіме, на доўгі час забыліся. І толькі зараз, калі тых ветэранаў Другой сусветнай ужо няма з намі, праўда пра іх жыццё і выпрабаванні, праз якія яны прайшлі, становіцца здабыткам беларускай грамадскасці.
    Збор сродкаў на выданне ўнікальных успамінаў Паўла Нічыпарука “Адысея палешука” адбываецца на краўдфандынгавай пляцоўцы “Вулей”. Кожны, хто жадае падтрымаць гэты праект і атрымаць гэтую цікавую кнігу, можа зайсці па гэтай спасылцы (http://ulej.by/project?id=117723) на старонку праекта і падтрымаць яго. Усе спонсары, не гледзячы на сумму ўдзелу ў падтрымцы выдання кнігі “Адысея палешука” будуць узгаданы на старонках новага выдання. Спадзяюся, што нам разам атрымаецца рэалізаваць гэтую цікавую і вельмі карысную для беларускага грамадства справу.

    Ігар Мельнікаў,
    кандыдат гістарычных навук
    Заслаўе, 19.03.2017