http://budzma.org/wp-content/uploads/2009/09/krolik_by.mp3
Пасля запісу беларускамоўнай версіі песні “Волшебный кролик” Юра Дземідовіч выглядаў задаволеным: “Вельмі мне спадабаўся беларускі варыянт. Мова такая мяккая, прыгожа кладзецца на мелодыю, на рытм. Усё прыгожа выходзіць”. Але ў фінале дзіцячага Еўрабачання ён вырашыў спяваць усё ж па-расійску. “Тут, у Мінску, паўсюль размаўляюць па-расійску. І я таксама. Беларуская мова гучыць толькі на ўроках у школе. Таму я баюся паблытаць беларускія словы”, – прызнаецца Юра.
У беларускай версіі песні ён усё ж вырашыў пакінуць расійскае слова “кролік” і не пажадаў спяваць замест яго “трусік”. Аніякія ўгаворы не дапамаглі. “Не ляжыць у мяне душа да гэтага слова”, – заўпарціўся малады спявак. Потым высветлілася, што слова “трусік” выклікала рогат у іншых дзяцей – яго калегаў па хору. Юра сумеўся і вырашыў пакінуць “кроліка”, каб пазбегнуць далейшых кпінаў. Кіраўнік хору Уладзімір Глушакоў толькі разводзіць рукамі: “Няхай Юра вырашае сам, не магу на яго ціснуць, бо ён і так цяпер знаходзіцца пад вялікім прэсам”.

