Вынайшлі ў Салігорску сродак зрабіць так, каб пешаходы не забывалі флікеры дома. Для гэтай мэты, кажа начальнік мясцовага ДАІ, яны набылі тры балончыкі спецыяльнай аэразолі. І пазначаюць з яе дапамогай машыны, трактары, вазы і адзежу людзей. Праўда, не ўсіх, а толькі маламаёмасных.
Валянцін Сяўрук: “Набылі 3 балончыкі аэразолі і ў сельскай мясцовасці праводзім гэта мерапрыемства. Людзям, якія маюць невялікую заработную плату і не могуць набыць флікеры, бо не маюць грошай, на фуфайкі альбо іншую працоўную вопратку наносім такое пакрыццё. Каб забяспечыць наш народ”.
Днямі ў Інтэрнэце з’явіліся аповеды пра тое, што такія пазначэнні салігорскія ДАІшнікі наносяць не толькі на працоўную вопратку маламаёмасных жыхароў сельскай мясцовасці. Нібыта, такія знакі з дапамогай інспектараў з’явіліся і на дублёнках некаторых жыхароў горада. Але начальнік ДАІ катэгарычна гэта адмовіў.
Валянцін Сяўрук: “Гэтыя мерапрыемствы па горадзе мы не праводзім. Калі мы будзем наносіць на дублёнкі, то… Яно-то, можа, было б і нічога, але каб не псаваць вопратку, якую штодзённа носяць. Таму - толькі на спецвопратку, якая выкарыстоўваецца толькі на працы”.
пп.ц