Нічога кепскага, што ў беларускай мове няма мацюкоў і г.д.
Гэты працэс (як ўзьнікненьне грамадзкіх перадумоў для амярцьвеньня рускай мовы) пачаўся неўзабаве пасьля распаду Савецкага Саюзу і разьвіваецца хуткімі тэмпамі. Зьмены выяўляюцца ў адчувальнай лексычнай дэградацыі і сьціраньні стылістычных характарыстык рускай мовы на ўсіх узроўнях.
Руская так званая «эліта» ў навуцы, мастацтве, палітыцы на радыё ды тэлебачаньні (не кажу ўжо пра ананімны інтэрнэт) стала размаўляць (часткова ато і поўнасьцю) лексыкай нізкіх малакультурных пластоў грамадзтва, крымінальнай лексыкай турмы і рускай турэмнай зоны, ўжываючы публічна ненарматыўныя азначэньні і самую брудную лаянку са зьнявагамі сьвятых паняцьцяў, годнасьці жанчыны-маці, з вульгарным называньнем інтымных зьяў, працэсаў распаду ў арганізме, з паўсюдным прыніжэньнем чалавека і ўсяго чыстага, добрага, сьветлага. Цынічна адкінутыя маральныя табу культуры (культура, як вядома, базуецца на табу).
Гніеньне рускага грамадзтва вельмі наглядна фармалізавана ў вульгарызацыі рускай мовы, замены паняцьцевай лексыкі жаргонам, неадэкватнымі блатнымі эўфэмізмамі, нізкімі ненарматыўнымі азначэньнямі. Некаторыя фразы цяперашніх рускіх культурным людзям, што вывучалі расейскую мову за саветамі, ужо проста незразумелыя, а прагляд рускага тэлебачаньня і відэазапісаў у прысутнасьці жанчын, дзяцей (і проста культурных людзей) робіцца псыхалягічна дыскамфортным і немагчымым.
Сацыяльна-палітычныя прычыны дэградацыі рускай мовы зразумелыя. Да ўлады і да вялікіх грошай у Расеі прышлі людзі са спэцслужбаў, з нізкіх, дрэнна адукаваных і крымінальных пластоў грамадзтва (часьцяком нават бандыты). Яны сталі кіраваць Расеяй і прынесьлі з сабой свой шчарбаты культурны ўзровень, сваю адсталую лексыку і (sic!) сьвядомую нянавісьць да маральнасьці і культуры. Расейская нікчэмная эліта лёгка ўспрыняла нізкі узровень і вульгарную мову нуворышаў з «Зоны» і ФСБ.
Да зьместу нашай гаворкі важна адзначыць, што ні адна мова, якая вымушана была існаваць пад русіфікацыйным ціскам СССР, не пераняла і не адлюстравала ў сваёй лексыцы і стылю разбуральныя працэсы, што прагрэсуюць у рускай імпэрскай мове. Брыдота маўленьня і паводзінаў заглынаецца толькі разам з бруднай рускай мовай, але родная мова (беларуская, украінская, татарская, румынская і г. д. ) застаюцца (пакуль што) нашмат больш філалагічна чыстымі. (...)
Тут дадам, што ад пачатку свайго імпэрскага ўзьнікненьня руская дзяржаўная мова ўжо была напалову мёртвай, бо базавалася на ўжо нежывой старабаўгарскай пісьмовай мове («царкоўна-славянскай», «стараславянскай» і нават «древнерусской» – як называлі яе потым імпэрцы, каб схаваць баўгарскую аснову). Гэтая мова была настолькі непавароткай і кандовай, што ў канцы 18-га стагоддзя (калі імпэрыя акрэпла) стала вялікай перашкодай для стварэньня рускай імпэрскай літаратуры, якая нараджалася. На ёй немагчыма было выявіць сучасных таму часу тонкіх пачуцьцяў чалавека, не існавала тэрміналогіі. І, дарэчы, ня дзіўна, што пазьнейшыя расейцы так сталі цаніць паэта расейска-афрыканскага паходжаньня Аляксандра Пушкіна (якога ў той час яны ж пасьпяхова і ўгробілі ва ўзросьце 37 гадоў).
Пушкін стварыў новую рускую літаратурную мову, скарыстаўшы, між іншым, набыткі французкага сынтаксісу і зрабіўшы рускую мову больш гнуткай і лексычна багацейшай. Уплыў французкай мовы на паўмёртвую мову рускай літаратуры быў каласальны і станоўчы. «Низкопоклонство перед Западом» і гувернёры «из Бордо», ўзьненавіджаныя ксэнафобамі імпэрцамі, дарам не мінулі. Аднак пра гэта рускія навукоўцы маўчалі і нідзе не пісалі ( а можа ім і «невдомёк»). Тым больш што расейцы зрабілі гэтую імпэрскую мову зброяй агрэсіі і этнічнага разбурэньня народаў. Alejuż mija, mijaczas, – як пісаў Міцкевіч.