Як гомельскага псіхіятра спачатку пасадзілі, а потым — цалкам апраўдалі
Тры гады следства, дзясятак судовых пасяджэнняў, некалькі дзясяткаў скарг ва ўсе інстанцыі, год і месяц у СІЗА, і, нарэшце, гомельскі ўрач-псіхіятр цалкам апраўданы.
Гісторыя гэта пачалася летам 2008 года ў Гомелі. Нехта невядомы некалькі разоў падпальваў гаражы ў Навабеліцкім раёне Гомеля. Прыязджалі выратавальнікі, міліцыя, але падпальшчык затрыманы не быў. На месцы падпалаў быў затрыманы ўрач-псіхіятр Яўген Дзедушкін. Ён жыў побач з месцам здарэння, таму, здавалася б, нічога дзіўнага не было ў тым, што, убачыўшы зарыва, малады чалавек апынуўся на месцы здарэння. Бяда яго была ў тым, што на момант пажараў ён быў нападпітку, і міліцыя забрала маладога чалавека.
Праз некалькі дзён у мясцовай прэсе прайшло паведамленне, што за падпалы затрыманы “псіхіятр-піраман”. Кіраўніцтва абласной псіхіятрычнай бальніцы тэрмінова пазбавілася “злачынцы”, звольніўшы Дзедушкіна з працы. “Фармальна падстава для звальнення была — я не быў на працы, таму што напярэдадні мяне збілі міліцыянеры за тыя ж падпалы, я кепска сябе адчуваў, не пайшоў на працу. Але неафіцыйна — пайшлі плёткі, публікацыі ў мясцовых СМІ, і гэта і было нагодай для звальнення. Хто хоча звязвацца з чалавекам, якога абвінавацілі ў злачынстве?” — распавёў Дзедушкін.
Пра гісторыю яго затрымання, час, праведзены ў СІЗА, і гісторыю апраўдання мы сёння гутарым з былым асуджаным.
СЛЕДСТВА. “Калі мяне затрымалі першы раз, то следчы адразу прапанаваў: ты, маўляў, прызнаешся ў здзейсненым злачынстве, а мы табе таксама дапаможам, не такі вялікі тэрмін дадзім, у СІЗА не будзем закрываць. Я, натуральна, адмовіўся. Бо быў невінаваты. Але і ў следства былі праблемы — фактычна не было ніякіх доказаў маёй віны, і таму маё прызнанне было вельмі важным для іх. Праз паўтара месяца ў следства з’явіўся сведка, які як быццам быў на месцы падпалаў, усё чуў, усё бачыў. Цікава, што гэты чалавек стаіць на ўліку ў міліцыі як правапарушальнік. Магчыма, на яго маглі аказаць ціск, і ён абгаварыў мяне. Натуральна, міліцыі патрэбны высокія паказчыкі раскрыцця злачынстваў, таму яны так упарта даказвалі маю віну. Затым следчы паставіў мяне перад выбарам: ці я заўтра прызнаюся ў здзяйсненні дадзенага злачынства, ці заўтра ж мяне закрыюць у СІЗА. Я адмовіўся, і таму назаўтра добраахвотна прыйшоў з рэчамі — маўляў, закрывайце. Так і зрабілі. Памятаю, мой адвакат, пагартаўшы крымінальную справу, сказаў следчаму: “Упэўнены, гэтага чалавека апраўдаюць. І хоць тут на месцы, у раённым судзе, вы, можа, і дамовіцеся, але справа пойдзе на Мінск, і Вярхоўны суд яе не прапусціць”. Следчы сказаў мне: як бы твой адвакат ні распінаўся, а сядзець табе прыйдзецца ўсё роўна”.
Так і адбылося. У лютым 2009 года суд Навабеліцкага раёна прызнаў Дзедушкіна вінаватым у падпалах і адмераў яму 4 гады пазбаўлення волі. Хоць нават на судзе ні адзін сведка не пазнаў у былым урачы падпальшчыка і аб’ектыўных доказаў яго віны не было прадстаўлена.
СІЗА. “Канечне, калі я трапіў у СІЗА, то ў мяне быў шок. Тым больш што раней я не быў у такіх месцах. Напрыклад, першая камера, куды трапляе асуджаны, — этапка. З яе ўжо потым размяркоўваюць каго куды. На 12 месцаў там сядзелі 25 чалавек, спалі па чарзе. Плюс у камеры і паляць, няма прыбіральні, мыцца водзяць раз на тыдзень. Нары — гэта такія жалезныя палосы, нацягнутыя каля сцяны, прычым прамежкі паміж тымі жалезнымі палосамі бываюць такія, што і праваліцца можна. Матрацы даюць. Там вата настолькі збітая, што прыходзіцца калашмаціць той матрац нагамі, як футбольны мяч, каб неяк разбіць тыя “камяні”. Скажу дакладна, што блатныя паняткі, рамантыка, блатная іерархія — блатныя ці “апушчаныя” — такога ў нашым СІЗА не было. Не ведаю, як на зоне, — я там не быў. Блатных няма таму, мне тлумачылі, што ў нас вельмі распаўсюджана ўмоўна-датэрміновае вызваленне. Таму, калі ты паводзіш сябе нармальна, ходзіш на працу (што нельга па “законах” рабіць блатным), дык можаш выйсці ўмоўна-датэрмінова. Навошта тады каму “пальцы гнуць”?
У асноўным сядзяць там звычайныя людзі, рабацягі. Хто каністру бензіну скраў, хто слоік тушонкі, курыцу. Сядзяць і карупцыянеры. Тыя кралі па мільярдах. Але парадокс — рабацягу за слоік тушонкі могуць даць і чатыры гады, а карупцыянеру за скрадзеныя мільярды — два гады. Шмат цікавых гісторый распавядалі мае сакамернікі. Напрыклад, скраў адзін той няшчасны слоік тушонкі недзе на дачы. А сам ён — жабрак, туляўся недзе па зоне адсялення, начаваў у выселеных хатах. Ні сваякоў, нікога. Следчы кажа яму: маўляў, табе ўсё роўна сядзець, ці за адзін эпізод, ці некалькі — тэрмін ад гэтага істотна не змяняецца. Вазьмі на сябе яшчэ колькі крадзяжоў. А я табе дапамагу — дам у СІЗА з сабой гарбаты, цыгарэт, паедзеш нармальна. Той, натуральна, пагадзіўся. Вось так і “раскрываюць” серыі злачынстваў”.
Дзедушкін узгадвае, што супрацоўнікі адміністрацыі СІЗА няблага ставіліся да асуджаных, ды і на харчаванне нараканняў у былога вязня практычна няма. “З дому дазволеныя перадачы, ды і ў СІЗА было, калі можна так сказаць, нармальнае харчаванне. Раніцай — гарбата і каша, у абед — суп, прычым абавязкова з мясам, і якая-небудзь каша, вечарам — бульба, селядзец, кісель. З голаду, здаецца, ніхто не паміраў. Праўда, калі захварэеш, то асабліва лячыць цябе ніхто не будзе. Быў у нас такі прыклад. У аднаго вязня часалася цела. Ён паклікаў доктара. А доктар у камеру не заходзіць — праз “кармушку” глядзіць. Паглядзеў ён на рукі хворага і кажа: “Ты пазногці адрасці большыя, каб было зручней часацца”. Вось такое лячэнне”.
СУД. “На ўзроўні раённых судоў і абласнога складваецца такое ўражанне, што ўсе — адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго, усе адзін аднаго пакрываюць. Мяне ўсе-такі апраўдалі, і таму я не маю маральнага права казаць, што беларускае правасуддзе такое благое. Але на самай справе гэта страшна: спачатку мяне пасадзілі на чатыры гады за тое, чаго я не здзяйсняў, а потым — апраўдалі. Мне пашанцавала, што я трохі сам разбіраўся ў кодэксах, я меў адваката, які пісаў скаргі, мне дапамагала маці, і не сакрэт, што гэта ўсё — скаргі, адвакаты — каштуе немалых грошай. Добра, што ў нас яны былі. А што рабіць тым людзям, якіх “закаталі” сюды, але яны не маюць юрыдычнай граматы хоць якой, не маюць грошай, і такім чынам не могуць супрацьстаяць гэтай сістэме? Лічу, што мне не проста пашанцавала, а пашанцавала, што нехта ў Вярхоўным судзе аб’ектыўна разглядзеў маю справу. Але зноў-такі — чаго гэта каштавала? Колькі часу, гадоў было страчана на ўсе гэтыя абскарджванні? Колькі грошай, у рэшце рэшт? Прычым, так як яшчэ раней мне змянілі прысуд на абмежаванне волі, то тэарэтычна за гэты час, пакуль былі амністыі і мог я выйсці ўмоўна-датэрмінова, я быў бы ўжо і так на волі. Таму і ў іншых людзей так: навошта біцца галавой аб сцяну, калі цябе яшчэ апраўдаюць, дык хутчэй ты адсядзіш той тэрмін ды выйдзеш на волю?”
Судовая калегія Гомельскага абласнога суда цалкам апраўдала былога ўрача, з яго знялі ўсе абвінавачанні. Між тым паўстае пытанне: хто адкажа за тое, што нявінны чалавек больш за год правёў у СІЗА? Відавочна, што зараз трэба караць следчых, раённы суд.
А каму хочацца несці адказнасць? Таму днямі стала вядома, што пракуратура не пагадзілася з прысудам абласнога суда і падала пратэст.