Рэгістрацыю, шлюб і дзяцей у пашпарце будуць пісаць толькі па-руску
Зміцер Лукашук, Еўрарадыё
“Усе запісы і адзнакі ў пашпарце робяцца выключна на рускай мове!” — маўляў, адпаведнай пастановай МУС забаронена рабіць запісы на беларускай мове ў рускамоўныя штампы. А беларускамоўных штампаў у іх няма. Такі адказ атрымала жыхарка Мінска Зоя ад супрацоўнікаў аднаго са сталічных аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі ў адказ на просьбу запісаць у новы пашпарт дадзеныя дзіцяці, прапіскі ды шлюбу па-беларуску.
Тое, што зараз адзіным цалкам беларускамоўным штампам у пашпарце можа быць “У выездзе адмоўлена”, пацвярджаюць Еўрарадыё і ў адным з аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі. Прызнаюць — раней у рускі штамп без праблем рабілі запісы па-беларуску. Але зараз на “рускім полі” будуць выключна рускія запісы.
Супрацоўнік аддзела: “Усе запісы будуць на рускай мове. Таму што ў нас штампы па-руску. Гэта было раней, але памянялася пастанова — усе запісы ў пашпартах рабіць па-руску. А раней было і па-беларуску, і па-руску”.
Больш за тое, суразмоўца Еўрарадыё ўдакладняе, што МУС ад пачатку не прадугледжвала наяўнасць у пашпартных сталах неабходных штампаў у двух варыянтах: па-беларуску і па-руску.
Супрацоўнік аддзела: “Яны (штампы па-беларуску) не прадугледжаныя пастановай МУС. МУС займаецца пытаннямі вырабу пашпарта, МУС стварае свае ведамасныя нарматыўна-прававыя акты, якімі мы кіруемся, і МУС замаўляў усе штампы: аб шлюбе, аб рэгістрацыі (прапісцы), аб дзецях — усе на рускай мове”.
Тое, што цяпер усе запісы і пазнакі ў пашпарце будуць рабіцца выключна па-руску, пацвярджаюць і ў Дэпартаменце па грамадзянстве і міграцыі са спасылкай на пастанову № 200 ад 28.06.2010 года МУС РБ. Але ад далейшых каментарыяў супрацоўнікі дэпартамента адмаўляюцца. Толькі здзіўлена пытаюцца: “Як вы сабе ўяўляеце запіс па-беларуску на рускім полі?”.
Старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч прызнае, пра моўныя праблемы з запісамі ў пашпарт чуе ўпершыню. Як і пра ўзгаданую пастанову МУС. Але сам факт адсутнасці неабходных штампаў у беларускім варыянце лічыць недарэчным.
Уладзімір Здановіч: “З пункту гледжання дзяржаўнага чалавека я лічу, што калі ў нас існуе двухмоўе, то патрэбна, каб гэтыя штампы рабіліся на дзвюх мовах — беларускай і рускай. Тады не будзе ніякіх спрэчак”.
Наколькі ўзгаданая пастанова МУС супярэчыць Закону “Аб мовах”, дэпутат адказаць не здолеў. Маўляў, у законе напісана: “беларуская і/альбо руская мова”. А гэта дае магчымасць выбару.
З дэпутатам не згодны старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
Алег Трусаў: “Так, закон такі ёсць, але гэта азначае, што яны могуць штамп зрабіць па-руску, але абавязаныя запісаць там па-беларуску, калі вы гэтага хочаце”.
Цікава, што ў пастанове, на якую спасылаюцца пашпартысты, напісана: “Запісы і пазнакі ў пашпарце робяцца на беларускай альбо рускай мове фіялетавымі альбо чорнымі чарніламі (пастай)”.